Пабудаваны ў 1999 у Мінску ў зоне грамадскага цэнтра зах. планіровачнага раёна. Аўтары: арх. Ю.Патапаў, І.Боўт, А.Шафрановіч, дызайнеры В.Цыёнская, Н.Дарашкевіч. Разлічаны для спаборніцтваў і трэніровак па хакеі з шайбай і інш.Гал. фасад будынка арыентаваны на вул. Прытыцкага, з якой арганізаваны ўезд на аўтастаянку і знешнія падыходы на перадпалацавую плошчу ў выглядзе шырокіх алей з лесвіцамі і пандусамі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка засн. на спалучэнні простых геам. аб’ёмаў, кантрасце гладкіх глухіх сцен з рэдкім рытмам аконных праёмаў і шклянога аб’ёму колеру бірузы (нагадвае лядовы адкол на беласнежным фоне). Уключае глядзельную залу на 2 тыс. месцаў, лядовае поле (60 × 30 м), гал. службовы і касавы вестыбюлі, фае з вынаснымі буфетамі, раздзявалкі з саунамі для дарослых і дзяцей, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інж. абсталяваннем, што дазваляе праводзіць спарт. мерапрыемствы на высокім міжнар. узроўні.